ШАЙБАНІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА, Шэйбанідаў дзяржава,
дзяржава ў Сярэдняй Азіі ў 1500—98 на чале з дынастыяй Шайбанідаў. Яе сталіцай напачатку быў г. Самарканд, з 1560 — Бухара. Заснаванне Ш.дз. звязана з прыходам у Сярэднюю Азію качэўнікаў-узбекаў на чале з Шайбані-ханам і заваяваннем імі цэнтр. Маверанахра. Уключала ўсю б. дзяржаву Цімурыдаў. У 1510 распалася на 2 узб. дзяржавы: уласна Ш.дз. ў Маверанахры і Хівінскае ханства, былыя харасанскія ўладанні Цімурыдаў адышлі Ірану. Ш. дз. была падзелена на ўдзелы (замацоўваліся за членамі дынастыі), найбуйнейшыя з іх Бухара, Самарканд, Ташкент, Балх, Хісар. Шматлікія паходы і набегі на Харасан і бесперапынныя міжусобіцы разбуралі гаспадарку дзяржавы, нават стабілізацыя ў часы праўлення Абдулы-хана II не здолела ліквідаваць іх вынікі. Мела эканам. і дыпламат. адносіны з Расіяй і дзяржавай Вял. Маголаў у Індыі. У час існавання Ш.дз. за цюркамоўным насельніцтвам Маверанахра і Харасана замацаваўся этнонім узбекі. Высокага ўзроўню дасягнула культура.
т. 17, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)